А́НГЛА-ІРЛА́НДСКАЯ У́НІЯ 1801,
пагадненне аб саюзе Англіі і Ірландыі. Заключана 7.6.1800 у г. Дублін; набыло сілу 1.1.1801. Ініцыіравана Англіяй пасля задушэння ірл. паўстання 1798. Ірландыя станавілася часткай Злучанага каралеўства Вялікабрытаніі і Ірландыі, яе парламент скасоўваўся, краіна магла пасылаць 100 дэпутатаў у палату абшчын і 32 — у палату лордаў брыт. парламента. Апошні атрымаў права выдаваць законы для Ірландыі, а англ. палата лордаў ператваралася ў вярх. апеляцыйную інстанцыю для ірл. судоў. Ірландыя стала англ. правінцыяй. Гэта выклікала новую хвалю нац.-вызв. руху ірландцаў, у т. л. выступленне ў 1803 пад кіраўніцтвам Р.Эмета.
т. 1, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)